ЮВЕНІ́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды, якія вылучаюцца з магмы (пры яе падняцці з глыбінь Зямлі) у падземную гідрасферу і ўключаюцца ў агульны кругаварот прыродных вод. Утвараюцца ў выніку дэгазацыі рэчыва мантыі Зямлі пры магматызме і метамарфізме. Трапіўшы ў зямную кару, змешваюцца з водамі іншага паходжання. У чыстым выглядзе ў прыродзе адсутнічаюць; іх ускосным паказчыкам з’яўляецца павышаная колькасць вуглекіслаты, гелію і вадароду ў складзе падземных вод. Тэрмін «Ю.в.» ўвёў у 1902 аўстр. геолаг Э.​Зюс.

т. 18, кн. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)